Беларуская Служба

Беларускія сілавікі ў справе змагання з «экстрэмізмам» усё часцей пераследуюць і прыхільнікаў Лукашэнкі

06.12.2024 16:33
Аршанскага блогера, які ўсхваляў Лукашэнку, судзяць па двух артыкулах адміністрацыйнага кодэкса.
Ілюстрацыяфота: ilikeyellow/shutterstock

35-гадовы Дзмітрый Беляшоў займаецца распрацоўкай сайтаў, а ў апошнія гады называе сябе блогерам. Мужчына на сваіх старонках выказваў сімпатыі рэжыму Лукашэнкі і высмейваў прыхільнікаў перамен у краіне.

На сваім YouTube-канале Беляшоў піша пра сябе: «Я - памагаты «крывавага рэжыму» Лукашэнкі! І ведаеце, ганаруся гэтым». Але гэта не зберагло аршанца ад адміністрацыйных спраў адразу па двух артыкулах: 19. 10 ч. 1 (Прапаганда або публічнае дэманстраванне, выраб, распаўсюд нацысткай сімволікі або атрыбутыкі) і 24. 23 ч. 1 (Парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў).

Што паслужыла нагодай для пераследу праўладнага блогера адразу па двух артыкулах - невядома. Аднак блогер ужо рэзка зачысціў сваю дзейнасць у інтэрнэце, а старонку ў сацсеткі «ВКонтакте» нават выдаліў. У іншых сваіх інтэрнэт-рэсурсах Дзмітры Беляшоў дэманструе прыхільнасць рэжыму Лукашэнкі.

Суд над блогерам адбыўся 4 снежня ў Аршанскім раённым судзе, але рашэнне не было прынятае. Паўторнае паседжанне па справах мясцовага блогера адбудзецца 9 снежня.

Для Беларускай службы Польскага радыё Святаслаў Бруйко, Віцебск